1. Клічнік ставіцца ў канцы простага і складанага сказаў, якія вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй.
Напрыклад:
Эх, і прывабныя стаяць летнія дзянькі! (І.Навуменка).
Што за дзяўчына! Што за натура! (Я.Колас).
Як хацеў бы я па палях прайсці і ўпіцца іх пахам, росамі, паглядзець, зірнуць, як жыты растуць, як калосікі наліваюцца! (Я.Колас).
Цыц! Не смець казаць мянушку, а то зніму на вас папружку! (Я.Колас).
«Рукі ўгору!» – грымнуў тут дзядзька Мірон... (М.Лынькоў).
Ён не служка тут больш – квіта! (Я.Колас).
Калі часткі складанага сказа з’яўляюцца клічнымі, то яны раздзяляюцца коскай або іншым знакам прыпынку, а ў канцы сказа ставіцца клічнік.
Напрыклад:
Якія знаёмыя назвы і словы, якая цудоўная родная мова! (П.Панчанка).
Ты паслухай, Апанас, што за голас, што за бас! (Я.Колас).
Параўн.: Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх даляхЎ Колькі новых малюнкаў, свежых матываў і таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам і сэрцу падарожнага! (Я.Колас).
Як хітра, мудра збудавана! Як чыста, хораша прыбрана! (Я.Колас).
2. Клічнік ставіцца пасля звароткаў, якія стаяць у пачатку або ў канцы сказа, пасля выклічнікаў і гукаперайманняў, што стаяць у пачатку, у сярэдзіне ці ў канцы сказа, калі гэтыя словы вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй.
Напрыклад:
Піліпчык! Нясі з істопкі, што там ёсць у нас. Людзям час даўно снедаць (М.Лынькоў).
Я помню летнія часіны і вас, грыбныя баравіны! (Я.Колас).
– Гу-гу! – штось гукне, садрыгнецца, бах-бах! – на гук той адзавецца і аж па лесе пойдзе рэхам... (Я.Колас).
Там рыба – ого-го! (Я.Маўр).
3. Клічнік ставіцца ў канцы слоў і сказаў, якімі эмацыянальна перадаюцца прывітанні, развітанні, віншаванні, пажаданні, заклікі і інш.
Напрыклад:
– Дзень добры!
– Дзень добры! Сядай, чалавеча! (А.Куляшоў).
– Добры дзень вам! – сказала, усміхаючыся ад нечаканасці і здзіўлення, Вера Сымонаўна (Б.Сачанка).
Усім народам – мір і шчасце! (А.Астрэйка).
Добрай ночы!
Слава працаўнікам-хлебаробам!
З Новым годам! З новым шчасцем!
Здароўя вам і поспехаў!
4. Клічнік можа ставіцца пасля «назоўнага тэмы» («назоўнага ўяўлення»).
Напрыклад:
Мурог! Ды што за травіца! І шоўк у ёй мяккі і лён, і вечная наша крыніца з гаючай жывіцай-вадзіцай ад бацькаўскіх, дзедаўскіх дзён! (Я.Колас).
Радзіма, Радзіма! Зямля маіх продкаў, гаворка пявучая, песня-душа! Сціскалася сэрца ад болю салодкага, ад горкай любові, пазнанай спярша (А.Звонак).
5. Клічнік можа ставіцца ў дужках для выражэння эмацыянальных адносін да зместу выказвання.
Напрыклад:
Прыйшоў адтуль [з рэдакцыі] ліст. А ў ім, як звычайна, пісалася: «... відаць, вы (!) упершыню ўзяліся за пяро...» (В.Зуёнак).
Сцэна (дадатковая), якая падвешана (!) над звычайнай сцэнай, важыць зноў жа ні многа ні мала – сорак пяць тон... (А.Васілевіч).
раскрыть » / « свернуть