1. Пытальнік ставіцца ў канцы простага сказа (у тым ліку слова-сказа), якім выражаецца прамое пытанне.
Напрыклад:
Дзе вы, песні жніўныя? Хто вас адвячоркамі панясе над ніваю? (П.Броўка).
Адкуль тут музыка нясецца? Чыя тут песня ў душу льецца? (Я.Колас).
– Няўжо дачакаліся? Няўжо праўда? – бы дзіця, радавалася дзяўчына (В.Быкаў).
– Га? – не зразумеў пытанне дзед (Я.Колас).
2. Пытальнік ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа, калі пытанне выражана ў галоўнай і даданай частках або толькі ў галоўнай.
Напрыклад:
Ці ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак? (Я.Колас).
Хто згадае, чаго сэрца плача? (П.Трус).
Край мой родны! Дзе ж у свеце край другі такі знайсці, дзе б магла так, поруч з смеццем, гожасць пышная ўзрасці? (Я.Колас).
Што можа быць даражэйшае сэрцу чалавека, як у сталых гадах пачуць цябе, роднае слова, у чужой старане? (К.Крапіва).
Пытальнік можа ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа і тады, калі прамое пытанне заключаецца ў даданай частцы.
Напрыклад:
І скажы, дзядок, адкуль хмары гэтыя выходзяць? (Я.Колас).
3. Пытальнік ставіцца ў канцы складаназлучанага і бяззлучнікавага складанага сказа, калі кожная яго частка або толькі апошняя частка выражае пытанне.
Напрыклад:
Ці гэта казку лес складае, ці даль ачнулася нямая і немасць песняй парушала? (Я.Колас).
Яго пакрыўдзілі, зняважылі, а ён будзе кланяцца ім? (Я.Колас).
Стаміўся ў дарозе, ды дзе спачываць? (П.Броўка).
Паслухай добра: чуеш песні? (Я.Колас).
4. У пытальных сказах з аднароднымі членамі сказа пытальнік можа ставіцца пасля кожнага аднароднага члена з мэтай раздзялення пытання.
Напрыклад:
Вольна ішлі яны [калгаснікі] пушчай, прыцішыўшы крокі... Стрэл адзінокі рэхам трывожна глухім дакаціўся да іх. Што гэта? Стрэл паляўнічы? Ці знак таямнічы? (А.Куляшоў).
раскрыть » / « свернуть